Галоўная > Кароткі агляд кнігі Паўла Каралёва "Купала і Колас жартуюць"

Кароткі агляд кнігі Паўла Каралёва "Купала і Колас жартуюць"

літаратура

Так ужо склалася, што ў жыцці мяне не прывабіла кар'ера ні літаратара, ні крытыка, але ўсё ж такі пабавіць час з цікавай кніжкай люблю. Часцей за ўсё, калі бачыш новую кнігу ў анлайн-краме, не заўжды зразумела, што знойдзеш унутры. Скупыя радкі кароткай анатацыі побач з таварам больш дадаюць пытанняў, чым адказаў. Таму па ўласнай ініцыятыве і з дазволу выдавецтва прапаную свой дылетанцкі першы агляд выдатнай (а яшчэ і якасна выкананай) кнігі Паўла Каралёва "Купала і Колас жартуюць", якая патрапілася мне пару месяцаў назад.

вокладка

Але ж хіба не досыць было напісана дагэтуль біяграфій пра іх? Навошта яшчэ адна? Што там яшчэ можа быць цікавага?

Давайце паразважаем, а што ведае большасць беларусаў пра нашых двух найвыдатнейшых паэтаў? Многім зараз прыйдуць ў галаву нудныя, невыносна доўгія урокі школьнай літаратуры, дзе невыразна распавядалася пра жыццё двух паэтаў. У падручніку кожны меў старонкі па дзьве "сухой" біаграфіі з "афіцыяльнай" фатаграфіей, на якіх яны небыта наўмысна былі падобныя адзін да другога.

Як лічаце, зараз які адсотак людзей зможа, гледзячы на партрэты, іх не пераблытаць? А як наконт пералічыць найбольш вядомыя творы (а, напрыклад, хто напісаў "Купалінку" 🙊)?

Кніга "Купала і Колас жартуюць" Паўла Карасёва пераўтварае суровыя "акадэмічныя" вобразы ў непасрэдныя, блізкія, заўжды жартаўлівыя, часам смешныя ці разгубленыя і быццам бы ажыўшыя на старонках кнігі. Такімі, якамі іх бачылі блізкія людзі, якімі яны засталіся ў іх ўспамінах.

Успаміны выяўляюць і мноства цікавых і смешных фактаў з іх біаграфіі, пачынаючы з дзяцінства і да апошніх лет.

Янка Купала (сапраўднае імя Іван Луцкевіч) паходзіў з сям'і дробнай збяднелай шляхты. Па ўспамінам родных, у дзяцінстве заўжды любіў пагарэзіць і пажартаваць.

Напрыклад, у кнізе ўзгаданыя ўспаміны сястры Леакадзіі пра першы верш Янкі, дзе быў з насмешкай падрабязна апісаны яе няўдалы дзень на імяніны, за што гэты шэдэўр і быў спалены ёй ў печцы.

малады Купала

Якуб Колас (сапраўднае імя Кастусь Міцкевіч) нарадзіўся ў сям'і лесніка. Значны ўплыў на малога Кастуся аказаў родны дзядзька Антось. Шмат успамінаў з дзяцінства потым патрапіла ў адну з самых іскравых паэм Коласа "Новая зямля".

У кніге сярод іншых узгаданы ўспамін Якуба Коласа пра сваё дзяцінства:

Слова "пан" для мяне было такое ж страшнае, як і "чорт". І, калі я быў малы, першы раз убачыў ляснічага, які за нешта распякаў бацьку, дык усё заходзіў ззаду, паглядзець, ці не целяпаецца ў яго хвост.

малады Колас

Не абыйшлося і без успамінаў першага знаёмства класікаў.

Якуб Колас прыгадвае пра першую сустрэчу з Купалам ў 1912г., калі той прыйшоў пешкі са Стаўбцоў у Смольню.

"Мне далі знаць: прыйшоў Купала і чакае нас у хаце. Я вельмі ўзрадаваўся. Вярсту да Смольні бегма бег. Але як не спяшаўся, захапіў-такі кварту гарэлкі.

Купала ўстаў з лавы, хацеў падыйсці мне насустрач і ледзь не паваліўся. Мы абодва збянтэжыліся. Неяк павіталіся ўсё ж. Ён, накульгваючы, забіўся зноў на покуць і не падымаўся з месца. Ад пераходкі Якна намуляў ногі, чаравікі былі новыя і малаватыя. Дык ён ціхенька параспускаў шнуркі і сядзеў босы. Зачуўшы, што нехта забразгаў дзвярыма, хацеў абуцца, але спяшаўся і паблытаў свае хадакі, панадзяваў не на тую нагу. А ішоў да мяне пешкі, бо пашкадаваў грошай на фурманку. Чорт яму плаціў таму балаголу, лепей прыхапіць непустую пасудзіну. Ён здагадваўся, што дастатку ў мяне не густа.

Першая сустрэча Купалы і Коласа

Спярша мы з Купалам страшэнна саромеліся адзін аднаго. Я стыдаўся свайго таннага лапсердачка - Купала ў новым пільчаку выглядаў куды ямчэй. Брыдка было і за пачастунак. Госць з вялікай дарогі, першы раз у хаце, а на стале ў нас быццам ежы вобмаль.

Саромеўся і Янка. Сядзеў як прыкуты. Еў тое, што стаяла бліжэй, і лішне рукамі не варушыў. Потым ён прызнаўся, што пагнаўся за модным гарнітурам. Купіў і не агледзеўся: рукавы караткаватыя. Я і сам прыкмеціў: цягнуўся ён дастаць хлеба, а рукаў заехаў па самы локаць."

Усмешка Купалы

Сучаснікі часта ўспаміналі мяккую добразычлівую усмешку Купалы, усмешку чалавека, які бязмежна любіў жыццё і людзей. Нарэшце успаміналі не толькі пра ўсмешку, але і пра яго суцэльную абаяльнасць. З першых мінут ён умеў схіліць да сябе чалавека. Купалаў дом славіўся на ўсю сталіцу як адзін з самых гасцінных. А як жа любілі дзядзьку Купалу дзеці!

Пры сустрэчах ён усміхаўся, гаварыў два-тры звычайныя словы, а здавалася, што пачуў ты нешта асабліва важнае.

Падсмейваўся над такой нястомнай гасціннасцю Колас, нават адзін раз напісаў эпіграму "Абмыецца Янка ў нарзане..."

Купала і Колас

Сучаснікі ўспаміналі, што Колас любіў пажартаваць. Рабіў ён гэта заўжды усміхаючыся сваёй напаўзагадкавай усмешкай з-пад вусоў, калі немагчыма было здагадацца, ці жартуе ён, ці не. Не прамінаў выпадку падзяліцца з суседам навіной, кінуць дасціпны жарт, расказаць народны анекдот, якіх ведаў мноства. Часта іранізаваў і з сябе. Але ж больш любіў праводзіць час не на курортах, а дома, побач з дзецьмі і жонкай. Быў зацятым грыбніком і не на жарт крыўдзіўся, калі ў некага атрымоўвалася сабраць грыбоў болей. Любіў і рыбку павудзіць, але ж толькі з берага.

Святлелі сцены ад дасціпных заўваг і жартаў, якіх быў у яго невычэрпны запас.

Узаемапрызнанне

Ёсць цікавы позні ўспамін пра адпачынак беларускіх пісьменнікаў з жонкамі ў санаторыі ў Каралішчавічах. Жанчыны, жонкі сяброў, ведаючы пра любоў Коласа да грыбоў (на той момант ён быў ужо ў сталым узросце), з раніцы стараліся расшукаць па-над рэчкай колькі-небудзь грыбоў, неслі да кухара на кухню, каб ён іх усмажыў спецыяльна для Канстанціна Міхайлавіча.

Асаблівае месца адводзіцца і "бальнічнаму гумару" Коласа. Гэта мноства вершаў і эпіграм, дзе ён падсмейваўся с сябе (цяжка хварэў у сталым узросце) ці падбадзёрываў іншых.

Лазня

Шмат яшчэ цікавых і смешных успамінаў, а часам і анекдатычных сітуацый сустракаецца ў кнізе як ад саміх класікаў, так і ад добра знаёмых з імі людзей. Нібыта жывыя, паўстаюць яны перад чытачом не "хрэстаматыйнымі" велічнымі пісьменнікамі, а звычайнымі непасрэднымі людзьмі з вяселым характарам, добрым пачуццем гумару і іроніі. Наўмысна ў кнізе не закранутыя ўспаміны аб жудасным часе рэпрэсій і ціску, ці абставінаў смерці кожнага. Толькі добрыя і светлыя гісторыі аб нашых выдатных дзеячах. Каб паказаць іх толькі такімі, якімі яны павінны застацца ў памяці - нашыя дзядзька Купала і дзядзька Колас.

P.s. У цэлым, кніга выдатная. Чытаецца хутка і лёгка (што было нават крыху нечакана). Таму, калі любіце чытаць і каму цікавая гэтая тэма, можаце замовіць кнігу ў інтэрнэт-краме.

І па традыцыі, каму такі фармат аглядаў кніжных навінак цікавы, цісніце падабайку.

BiełaruskiBajan, 2023-11-01
Каментары

    (Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)

    ;