Галоўная > Аповед "Падбрахач" з кнігі І. П. Барычэўскага "Народныя славянскія аповеды"

Аповед "Падбрахач" з кнігі І. П. Барычэўскага "Народныя славянскія аповеды"

fun

Ці заўважалі вы калі-небудзь, шаноўныя чытачы, што найбольш цікавыя беларускамоўныя кніжкі хаваюцца на самых ніжніх і далёкіх паліцах у кніжных крамах за павуціннем і пластам пылу, і часам у невялічкай ціхай краме можна знайсці сапраўдны шэдэўр, калі не баліць спіна і не шкада каленак?

Мяркую, што так нашыя крамы клапацяцца аб найбольш выдатных асобніках і хаваюць іх прэч з вачэй далей ад розных злодзеяў, якія надумаюць абкрасці краму. Добрая думка! Няхай лепей партрэты паскрадуць, якія на самым бачным месце красуюцца!

"Народныя славянския аповеды" И.П. Барычэўскі

Вось так і я выцягнула з далёкай ніжняй паліцы шэрую ад пылу ўнікальную кнігу "Народныя славянскія аповеды" І.П. Барычэўскага.

"Ваўкалака" І.П. Барычэўскі

Іван Пятровіч Барычэўскі нарадзіўся недзе пад Мінскам у 19 стагоддзі. Археолаг, пісьменнік, гісторык, этнограф і фалькларыст, аддана працаваў на блага імперыі, зрабіў там выдатную кар'еру. Але ў той жа час вельмі цікавіўся гісторыяй і быў адным з першых, хто пачаў вывучаць гісторыю і старажытнасць літоўска-рускага краю і выдаваць друкаваныя працы па выніках вывучэння.

"Грымотная сіла" І.П. Барычэўскі"

Мінулі гады. Не захаваўся ні партрэт, ні архіў Барычэўскага. Толькі ўнікальныя пярліны народнай творчасці, апублікаваныя пры жыцці аўтара, нашай ды суседніх краін, якія ўпершыню былі надрукаваныя на беларускай мове ў гэтай кнізе, дзякуючы крапатлівай працы А.П. Вашчанкі, які не толькі пераклаў гэтую кнігу на беларускую мову, але і дадаў шмат цікавых тлумачэнняў і заўваг.

"Літоўскі вуж" І.П. Барычэўскі

"Днепр і Сож І.П. Барычэўскі"

Cёння дзеля добрага настою прапаную вам пачытаць жартаўлівы аповед "Падбрахач".

Падбрахач

"Добра жыць аднаму, а ўдваіх лепей", - падумаў Архіп і папрасіў Янку схадзіць за яго сватам да Яромы, у якога была дачка - чарнабровая Катра. Пара хоць куды: Архіп - хлопец добры, працавіты і не бедны. Катра - дзеўка-малінка; звянчаў бы, дык жылі б сабе на радасць.

Ды перш вянца трэба высватаць нявесту, а свату трэба ісці да Яромы і размову пачынаць здалёк, расхваліць жаніха і тады ўжо сказаць, што хвалёны жаніх - Архіп. Як тут крышку не збрахаць? Сват заўсёды павінен быць добрым брахуном - на тое ён і сват. Са сватам павінен ісці яшчэ адзін сват. А па праўдзе сказаць, то не сват, а толькі падбрахач: сват, хвалячы жаніха, будзе брахаць, а той павінен падбрэхваць - хвалу павялічваць.

Уся справа ў тым, як сват брэша і падбрахач падбрэхвае, таму што брахня брахні розніца: іншы брэша так, што пыл слупом паднімаецца; іншы ілжэ ні даць ні ўзяць, як сівы мерын, а іншы так брахню перамудрыць ды перахітрыць, што сам усю справу сапсуе.

Архіп хацеў даць Янку падбрахача хвацкага, ды ўзяць было няма каго. Янка па пальцах пералічыў усіх суседзяў і не знайшоў ніводнага прыдатнага падбрахача. Сталі думаць разам і, добра падумаўшы, вырашылі ўзяць цыгана Наджэгу. Каму лепш умець брахаць, як не цыгану! А Наджэга быў з цыганоў цыган, першы ў свеце канявод: і купіць, і прадаць, а яшчэ лепш - украсці. І яшчэ як краў - прах яго вазьмі! Выкрадзе, ды на другі дзень табе ж твайго каня прадасць: і поўсць перафарбуе, і на зубах гады паставіць іншыя, і бакі нахвошча крапівой, каб дваццаціга- довы конь здаваўся агністым, ір'яным і не стаяў на месцы. Калі трэба збыць з рук якую-небудзь шкапу, якая і аўса есці ўжо не можа, для Наджэгі гэта нішто: стане ліць кіпень на вотруб'е з вапнай і карміць імі шкапу. Вотруб'е падтрымлівае ў ёй дух, а вапна так раздуе бакі, што здасца - конь волатаўскі. І прадасць яго бывала Наджэга. А як не стануць карміць вотруб'ем з вап- най, дык у адну ноч з гладкага каня выйдзе дохлая шкапа. Вось такога мацака Архіп і Янка вырашылі ўзяць у падбрахачы.

-- А ці зможаш падбрэхваць? - спытаў у яго Архіп.

--А, йе! Яшчэ маленькім у Смаргоні навучыўся. Толькі, пане Янка, гладка брашы, а я ўжо так падбрашу, што хоць рукой неба даставай і аблокі ў кішэню хапай.

Прыйшлі ў сваты. Янка загаварыў здалёк: пра купца тавар, пра князя і куніцу і звёў на красну дзявіцу.

-- Можа жаніх галыш? - спытаў Ярома.

Янка:

-- Вой, не, у яго свая хатка.

Цыган:

-- Якая хатка? Добрая хата, совсим такі хата: новая, цясовая, прасторная.

Янка:

-- Ёсць і волікі.

Цыган:

-- Якія волікі? Такі добры валы, совсим такі валы.

Янка:

-- Ёсць і конікі.

Цыган:

-- Якія там конікі? Такі добры коні, совсим такі коні, хоць у цуг запрагай.

Янка:

-- Ёсць і авечачкі.

Цыган:

-- Якія авечачкі? Такі добры авечкі, совсим такі авечкі.

Янка:

-- Сам гаспадаруе.

Цыган:

-- І яшчэ як гаспадаруе! Што хоча, тое і робіць.

Янка пхнуў цыгана нагой, жадаючы даць знаць, каб той не перасольваў. Наджэга падумаў, што ён мала падбрэхвае і дадаў:

-- І яшчэ як робіць! Каго ў морду, каго ў карак.

Ярома:

-- А хто ж такі жаніх?

Янка:

-- Ды калі ведаеце - Архіп Недамога.

Ярома:

-- Здаецца, бацька меў цягу да чаркі?

Янка:

-- Падчас піў.

Цыган:

-- Як то падчас? Такі добра піў, совсим быў горкі п'яніца; ды не пад лаўкай у карчме і памёр.

Ярома:

-- Ды і матка была чи не апантаная?

Янка:

-- Не, а так ад роду троху не цяміла.

Цыган:

-- Як то не цяміла? Такі добра была дуракаватая, совсим такі язглуздая.

Ярома:

-- Ды Архіп жа на адну нагу накульгвае?

Янка:

-- Так трошачку, нібы не роўна ходзіць.

Цыган:

-- Як то трошачку? Такі добра кульгае, совсим такі кульгавы. * Ярома:*

-- І на адным воку сказу мае?

Янка:

-- Ёсць маленькае бяльмо.

Цыган:

-- Як то маленькае бяльмо? Такі добрае бяльмо, совсим такі сляпы.

Ярома:

-- Казалі, як быў пры двары вартаўніком, штось тамака прапала?

Янка:

-- Штось прапала, але невядома, хто выкраў.

Цыган:

-- Як то невядома? Архіп выкраў, ён такі добры злодзей, дзе не будзе, там і скрадзе.

Ярома:

-- Яшчэ за згубу може і бяда Архіпу будзе?

Янка:

-- Бяда не бяда, а може трошки правучуць.

Цыган:

-- Як то трошки? Такі кат шкуру вылупцуе, ды і ў Сібір сашлюць.

Ярома:

-- I даўно казалі, што Архіп запивае.

Янка:

-- Не, не запивае, а з сябрамі чарку другую вып'е.

Цыган:

-- Як то чарку другую з сябрамі? Адзін п'е без просыпу, прачнецца, дык ізноў наліжацца. Ён такі горкі п'янюга.

-- Ды нехай Бог бароніць, - закрычала Ерамеіха, - каб мы сваю Катру аддалі за такога чалавека, што і храмы, і сляпы, і злодзей, і п'яніца! Ідзіце сабе, панове сватове, адкуль прыйшлі. Будзе ў нас жаніх і без вашага Архіпа Недамогі.

Янка, бачачы, што падбрахач перасаліў і ўсю справу сапсаваў, выйшаў прэч, не кажучы ні слова.

-- А што, добра падбрэхваў? - спытаў у яго цыган.

-- Ой, падбрахач ты катаржны!

-- Яшчэ кепска? Я ж ніводнага слова не прапусціў; што ты не збрэшаш, то і я падбрэхваю.

-- І добра ж падбрахаў, што Архіп стаў і сляпы, і храмы, і злодзей, і п'яніца!

-- Хто ж вінаваты, Калі б ты не брахаў, дык і я б не падбрэхваў.

-- А цур табе і пек, адвяжыся, сатана!

-- От табе й на! Падбрэхваў з усіх жыватоў, ды магарыча няма!

BiełaruskiBajan, 2023-12-30
Каментары

    (Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)

    ;