Галоўная > Аб чым маўчаць летапісы. Рагнеда - першая вядомая жанчына Полацкага княства.

Аб чым маўчаць летапісы. Рагнеда - першая вядомая жанчына Полацкага княства.

history
Ragneda
Polotsk

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі аб тых далёкіх часах для гісторыкаў выступаюць розныя летапісы і паданні, як уласныя, так і летапісы суседзяў, падцвержваючыя ці адмаўляючыя падзеі розных гадоў. Але на жаль, праз цемру стагоддзяў не дайшлі да нас летапісы Полацкі, Мінскі, Друцкі і Віцебскі. Усе з аднаго рэгіёна. У той жа час захаваліся летапісы кіеўскія, ноўгарадскія, цвярскія і маскоўскія. Але ж войнаў і пажараў у суседзяў было не меньш. Няма адказаў, чаму так атрымалася. Згінулі тыя летапісы падчас бясконцых войнаў, знішчаныя захопнікамі ў вогнішчах, ці былі скрадзеныя і схаваныя на доўгія гады, як Крыж Еўфрасінні? Хацелася б спадзявацца на апошняе, бо тады ёсць шанец, што ўсё ж хоць нешта захавалася, і вернецца калі-небудзь дадому. Навошта было хаваць летапісы, спытаецеся вы? Няма іншага адказу, акрамя таго, што яны занадта супярэчылі вядомым. Напрыклад, у вядомых на сёння летапісных сборах няма ніводнага слова пра Еўфрасінню Полацкую, нягледзячы на яе вядомасць ад Ноўгарада да Кастанцінопаля.

А можа іх ніколі не было? Дакладна былі. Полацкая бібліятэка пачала збірацца з 10 стагоддзя. Пры манастырах існавалі скрыпторыі (месцы для перапісвання кніг). На пачатак вайны з Маскоўскім княствам вядома пра мінімум 3 вялікія бібліятэкі - у Сафіі, Спасаўскім і Барысаглебскім манастырах з тысячамі кніг у кожнай. Сюды трэба таксама дадаць кнігі, якія захоўваліся пры кожным храме і выкарыстоўваліся пры службах. Захавалася паведамленне тых часоў Рэйнагальда Гейдэнштейна - асабістага сакратара Стэфана Баторыі, якое датуецца жніўнем 1579 года ("Запіскі аб Маскоўскай вайне") "У вачах адукаваных людзей амаль не меньшую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча, мела знойдзеная там бібліятэка. Апрача летапісаў, у ёй было многа твораў грэцкіх айцоў царквы ..." То бок, летапісы існавалі. Шмат кніг кніг было адразу спалена, частка перавезеная ў Масковію. Бібліятэка Маскоўскага княства налічвала да вайны каля паўтысячы кніг.

Навошта я гэта распавядаю? Таму што сёння шэраг гісторыкаў, у тым ліку і нашых, мяркуюць, што Полацкае княства існавала, хоць і побач з Кіевам і Наўгарадам, але асобна. Іх доказы маюць рацыю, але ж гэта асобная вялізная тэма. А сёння я толькі закрану адзін з фактаў, які ўскосна сведчыць аб самастойнасці Полацка. Зноў хацелася б падкрэсліць, што мала захавалася звестак пра падзеі тых часоў, ды і самі летапісы не пісаліся з мэтай дакладнага занатавання тых падзей, хутчэй каб праслаўляць подзьвігі сваёй дзяржавы і выбітных асоб. Таму побач з большасцю напісанага можна паставіць пытальнік. Пачынаем!

Равалод і Рагнеда

Першы вядомы князь Полацкага княства - Рагвалод, пра якога вядома, што ён прыйшоў з-за мора і меў надзел у Полацку. Быў ці то прадстаўніком мясцовай дынастыі, ці то паходзіў з вікінгаў. У Рагвалода была жонка, дачка Рагнеда і 2 сыны. Шлюб з дачкой Рагвалода азначаў хаўрус і падтрымку Полацкага княства, таму да Рагнеды, якая дасягнула ўзросту нявесты ў 12 год, адначасова (ці амаль адначасова) пасваталіся два браты. Спачатку Яраполк, князь кіеўскі. А потым і брат яго, наўгарадскі князь Уладзімір. Уладзімір быў сынам князя Святаслава і сынам рабыні Малушы, і ўнукам княгіні Вольгі. Той самай, якая помсціла драўлянам за забітага мужа князя Ігара, які другі раз пайшоў збіраць з драўлянаў даніну ды не вярнуўся. Люта і вытанчана адпомсціла Вольга драўлянам за мужа. А шалёны бабкін характар перадаўся ўнуку, які не саступаў бабцы ў вынаходніцтве і бязлітаснасці.

Равалод і Рагнеда

Злева - сваты Улідзіміра. Справа - Рагвалод і Рагнеда

Перавагу Рагнеда (ці сам Рагвалод, бо Рагнедзе на той час было толькі 12 год) аддала Яраполку, князю кіеўскаму, а Уладзіміру была дасланая адмова "Не хачу рабыніча разуці." У той час існаваў звычай, што маладая жонка павінна здымаць абутак з ног мужа ў першую шлюбную ноч. І пагардлівы напамін, што Уладзімір - сын рабыні, раз'юшыў апошняга. Назбіраў Уладзімір вялізнае войска і рушыў на Полацк. Недзе пад Полацкам сустрэла войска Уладзіміра спехам скліканая дружына Рагвалода, але была разбітая. Рагвалод вярнуўся ў Полацк. Уладзімір сілай узяў Рагнеду за жонку, перад гэтым згвалціўшы яе на вачах родных (тут супярэчлівы факт), а потым забіўшы на яе вачах усю яе сямью. Рагвалодаў род па мужчынскай лініі абарваўся. Пазней Уладзімір забіў Яраполка і стаў кіеўскім князем.

Захоп Полацка князем Уладзімірам

Захоп Полацка Уладзімірам

А Рагнеда атрымала імя Гарыслава і стала другой з шасці жонак Уладзіміра (акрамя жонак меў яшчэ каля 800 наложніц), які на той час быў паганцам. Жыла Рагнеда ў вёсцы пад Кіевам, якую пазней назавуць нібыта па імені Рагнедавай дачкі Прадславіна. Зрэдку муж наведваўся да яе. Аднойчы, у адзін з такіх візітаў Уладзімір заснуў, і Рагнеда наважылася адпомсціць. Але ж у апошняе імгненне Уладзімір прачнуўся і перахапіў руку Рагнеды з мячом. Рагнеду чакала пакаранне смерцю. Невядома, што там дакладна адбылося, але з пакоі аказаўся малы сын Ізяслаў (гадоў 6-7), які заступіўся за маці, таксама з мячом у руцэ. Тады, параіўшыся з баярамі, Уладзімір вырашае адправіць Рагнеду разам з сынам далей ад Кіева. Так Рагнеда апынулася ў маленькім драўляным крывіцка-дрыгавіцкім памежным Заслаўі (Ізяслаўлі). І вось тут незразумелы факт. Ізяслаў лічыцца старэйшым сынам Уладзіміра і Рагнеды, то бок ён - першы спадкаемец кіеўскага пасаду. Чаму Ранеда, меўшая некалькі дзяцей ад Уладзіміра, была высланая толькі з малым Ізяславам? Таму што ён заступіўся за маці ці таму, што быў сынам не Уладзіміра? Існуе версія, што да трагічных падзей у Полацку Рагнеда ўжо была некаторы час замужам за Яраполкам(?) і мела ад яго сына. А бацькоўства Уладзіміра дапісалі пазней, каб мець законныя пасяганні на полацкую зямлю.

Замах на забойства Уладзіміра

Спроба забойства Уладзіміра

Але ж як бы там не было, але ад адзінага сына Рагнеды узнавілася полацкая княжая дынастыя Рагвалодавічаў. Цікава, што доўгія стагоддзі пасля пазбягалі полацкія князі называць сваіх сыноў імем Уладзімір.

Ізяслаў бароніць Раннеду

Ізяслаў бароніць Рагнеду

Уладзімір жа надумаў абвянчацца з грэцкай прынцэсай Ганнай. Але для гэтага яму трэба было распусціць свой гарэм, адмовіцца ад 6 жонак і прыняць хрысціянства. Складаней за усіх было пытанне з Рагнедай, бо яна была княскага роду. Летапісы сведчаць, што Уладзімір прапанаваў ёй пабрацца шлюбам з адным са сваіх баяраў, але Рагнеда адмовілася, а замест гэтага вырашыла прыняць пострыг у манастыр.

Тут не вядомая дакладна храналогія тых падзей. Ці то спачатку была спроба помсты і выгнанне, а потым прапанова шлюбу з баярынам, ці то спачатку Уладзімір вырашыў ажаніцца з грэцкай царэўнай, а пасля гэтага - замах. Але я хачу звярнуць вашую увагу на іншы цікавы факт - пострыг у манахіні.

Ва ўсіх дзяржавах Еўропы ўслед за палітычным самавызначэннем ішло афіцыйнае прызнанне хрысціянства і наданне яму статуса дзяржаўнай рэлігіі.

10 век вядомы як час хуткага распаўсюджвання хрысціянства ў Скандынавіі. Данія, Нарвегі, Швецыя, утварыўшы першыя дзяржавы, следам за франкамі, Брытанскімі каралеўствамі, Цэнтральнай Еўропай, прымаюць дзяржаўнай рэлігіей хрысціянства. У "Саге аб хрышчэнні" 12-13 стагоддзяў распавядаецца пра Торвальда-вандроўніка, які прымаў значны удзел у хрышчэнні Ісландыі. Адтуль ён выправіўся ў паломніцтва у Ерусалім, дзе быў у вялікай пашане ў імператара і патрыярха. Вяртаўся Торвальд у Скандынавію праз Кіеў і Полацк, дзе заснаваў манастыр і храм Іаана-Хрысціцеля. Торвальд памёр, не дабраўшыся да радзімы і быў пахаронены каля гэтага манастыра. Гэтая сага - першы ўзгад хрысціян на Полацкай зямлі. Калі Полацкае княства было незалежным, і Рагалод ці то быў скандзінавам, ці то некаторы час знаходзіўся ў тых землях, то тады становіцца зразумела, чаму Торвальд змог заснаваць манастыр у Полацку.

Бліжэйшыя "аналагічныя" храмы можна знайсці ў Ерусаліме (5 ст.) і Керчы (8 -9 ст.), што супадае са шляхам Торвальда ад Ерусаліма да Полацка. Другія аналагічныя па назве цэрквы з'явіліся значна пазней, прыблізна ў 18-19 стагоддзях.

Манастыр і храм Іаана Хрысціцеля ў Полацку сапраўды існаваў, бо аб ім узгадваюць граматы 14 стагоддзя як аб "Манастыры Іаана Прадцечы на Востраве". На жаль, дакладнае месца знаходжання таго манастыра невядомае, бо меркаванае месцазнаходжанне сёння шчыльна забудаванае сучаснымі будынкамі і правесці раскопкі пакуль што немагчыма.

Існаванне хрысціянскага манастыра ў 10 стагоддзі ў Полацку сведчыць аб тым, што у Полацкую зямлю хрысціянства прыйшло раней за Кіеў.

Прыняць сан, не прайшоўшы паслушэнства, а тым больш без глыбокай веры ў Хрыста, немагчыма. Таму можна зрабіць вывад, што на момант прыняцця сана Рагнеда доўгі час была шчыра веруючай хрысціянкай. Гэта быў вялікі духоўны подзвіг! У тыя часы не было ва ўсходняй Еўропе жанчын-манашак. Нават для заходняй Еўропы гэта была рэдкая з'ява. Росквіт жаночага манаства пачаўся там толькі з 12 стагоддзя.

Рангеда прыняла пострыг і пражыла ў манастары каля 20 гадоў, а яе сына Ізяслава абралі на княскі пасад у Полацку ва ўзросце 11 гадоў.

У артыкуле ёсць цытаты і звесткі з кнігі вядомага гісторыка і археолага Сяргея Тараса "Еўфрасіння - Офрасіння - Афрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж.", звесткі з Вікіпедыі і інш.

BiełaruskiBajan, 2024-09-28
Каментары

    (Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)

    ;