Вайб-кодынг без болю: поўны практычны гайд з жывога досведу

Вайб-кодынг - гэта не «магія ў вакууме», а свядомая тэхніка хуткай распрацоўкі з надзейным каркасам. За апошнія месяцы я прайшоў шлях ад bolt.new да Copilot, Claude, Cursor і Google AI Studio: больш за тысячу промптаў, дзясяткі ітэрацый, шмат урокаў. Ніжэй - не зборнік банальнасцяў, а адшліфаваны набор прынцыпаў, інструментаў і шаблонаў, якія сапраўды эканомяць час, грошы і нервы, калі колькасць коду расце.
Уводзіны: што рабіць, каб не падгарала дупа.
Ідэя простая: мы рухаемся маленькімі, але дакладнымі крокамі, замацоўваем вынікі ў git, просім ШІ рабіць лакальныя патчы «diff-only», а не перапісаць усё навокал, і падтрымліваем дызайн-сістэму з першых радкоў. Замест «агента, які ўсё зробіць за вас» - сумесная праца з памочнікам, якому вы ясна фармулюеце задачу і межы. Так мы пазбягаем «галюцынацый», дарэмнай перабудовы і не губляем кантроль над токенамі.
1. План фічы і спецыфікацыя (уваходы/выхады/памылкі)
Перад любым кодам - кароткі, але канкрэтны план:
- 1–2 сказы пра тое што робім: «Карыстальнік робіць X і атрымлівае Y» (прыклад: «Стварае і дзяліцца спісамі задач за 30 секунд без рэгістрацыі»).
- 3–7 асноўных flow (сцэнарыяў) і экранаў: напрыклад «Sign in -> Dashboard -> Create item». Без дэталёвай разметкі — проста назвы і парадак.
- Каркас у межах файлаў: «маршруты -> модулі -> паўторна выкарыстоўваемыя кампаненты».
- Чорны спіс «не вынаходзіць нанова»: кнопкі, інпуты, алерты, хэлперы, схемы валідацыі.
Далей — спецыфікацыя фічы: уваходы, выхады, памылкі, абмежаванні, крытэрыі done. Усе наступныя промпты — строга ў межах гэтай спецыфікацыі.
2. Сплануй UI/UX наперад (да кода)
Перад кодам — візуалізуй і эксперыментуй з layout. Выкарыстоўвай інструменты накшталт v0, каб хутка пабачыць, як будуць выглядаць экраны, і ўнесці карэкціроўкі.
Кансістэнтнасць - база. Вызнач дызайн-сістэму на старце і трымайся яе:
- Адзін базавы файл: breakpoints, spacing scale, grid, тыпаграфіка.
- Стварыце паўторна выкарыстоўваемыя кампаненты адразу: Button, Input, Select, Alert, Loader, Empty/Error states ці спасылайцесь на бібліятэку.
- Праверка пасля кожнай ітэрацыі: ці не «распаўзліся» памеры і шрыфты.
- У промптах: «Выкарыстай існуючыя ButtonX, InputY. Новыя стылі не ўводзіць без патрэбы».
Гэта зэканоміць вам тоны часу і выратуе ад хаатычных рэфактарынгаў пазней, ну і не будзе паліць токены.
Рэсурсы: 21st.dev — гатовыя UI-патэрны з AI-промптамі, проста капіруй-устаўляй.
3. Папулярны стэк, які дапамагае (не перашкаджае)
Чым шырэй супольнасць і дакументацыя, тым дакладней ШІ трапляе ў API і патэрны. Практычныя звязкі:
- Next.js - фронт + лёгкі API-слой.
- Tailwind CSS - хуткія кансістэнтныя стылі без «CSS-кашы» на старце.
- Fastify + MongoDB або Supabase - мінімум рытуалаў, шмат гатовых рэцэптаў.
Галоўнае - не экзотыка, а надзейныя адказы мадэлі.
4. Git-дысцыпліна: рабіце каміты як мага часцей
Ваш лепшы страхавы поліс:
- Адна фіча - асобная галіна.
- Маленькія працоўныя кавалкі - частыя каміты з яснымі паведамленнямі.
- Перад рызыкоўнымі генерацыямі/рэарганізацыямі - commit або branch.
Так не давядзецца «адкручваць» назад па 700 радкоў, калі ШІ «аптымізаваў» не там.
5. Дробім складанае: Спецыфікацыя -> Каркас -> Логіка -> Тэсты
Не трэба даваць вялікія промпты накшталт «зрабі ўвесь модуль цалкам». ШІ пачне галюцынаваць і выдаваць лайно. Раздзяляйце любую складаную фічу на этапы (фазы): замест аднаго вялікага запыту - 3–5 малых або больш, калі трэба.
Паслядоўны канвеер:
- Маршруты і каркас файлаў.
- Базавая разметка і кампаненты.
- Логіка/валідацыя/станы.
- Тэсты, бяспека, аптымізацыя.
ШІ працуе найбольш стабільна, калі граніцы задачы вузкія і выразныя.
6. Канкрэтныя промпты з межамі (diff-only)
Garbage in, garbage out. Даваць дрэнныя промпты = атрымаць такое ж лайно. Промпты павінны быць настолькі падрабязнымі, наколькі магчыма — не пакідайце месца для здагадак ШІ. Калі не атрымліваецца, запусці Gemini 2.5 Pro ў Google AI Studio і папрасі яго зрабіць дэталёвы промпт на аснове тваёй ідэі (Чат GPT таксама добра выконвае такую задачу).
Канчатковае фармуляванне — ваш рычаг кіравання. Мінімальны шаблон:
«Адрэфактар ProfileForm.tsx: вынесі валідацыю ў асобны хук, API не чапай, захавай імёны пропсаў і публічны API, выкарыстоўвай InputX і ButtonY. Не змяняй нічога па-за пералічаным.»
Дадайце прыклад фрагмента кода/інтэрфейса — мадэль хутчэй «зловіць» ідэю. Ахоўная фраза «Не змяняй нічога, пра што не прасіў» — абавязковая.
7. Кантэкст чата і reset: калі адкрываць новы трэд (чат)
Вялікі чат = дрэйф патэрнаў, страта кантэкста. Перазапуск - гэта не параза, а гігіена:
- Кароткае ўвядзенне для новага акна: «Фіча X, файлы A/B/C, чапаць дазволена толькі …»
- Памятайце: занадта шмат кантэксту так жа шкодна, як і яго недахоп - пакідайце толькі істотнае.
8. Эканомія токенаў: асцярожна з бюджэтам
- Дробныя патчы замест гіганцкіх «перапісаў».
- Diff-first: «пакажы план патча + diff, потым прыменім» .
- Пераключэнне мадэляў: простыя рашэнні - Auto/меншая мадэль; агляды і бяспека - Gemini 2.5 Pro / Sonnet.
9. Кода-гігіена: ESLint, тыпы, мінімальныя тэсты
- Маленькія чыстыя функцыі, без «лянівых» пабочных эфектаў.
- ESLint + аўтафіксы; выдаленне мёртвага кода на кожным кроку.
- Мінімум юніт-тэстаў: «шчаслівы шлях» + пагранічныя выпадкі (null/пуста/невядомы тып).
- TypeScript са строгімі правіламі - менш каментароў, больш гарантый.
Перад камітам: прыбярыце лішнія логі і «часовыя» каментары - яны з’ядаюць увагу падчас ітэрацый і ядуць токены.
10. Бяспека: кароткі, але сур'ёзны чэкліст
(на самой справе - проста відавочная база, але ў працы з ШІ - трэба заўседы кантраляваць)
Тут заўсёды будуць недахопы (у кожнага), але гэтыя правілы выратуюць ад самых жорсткіх:
Давяраць кліенцкім даным: прыняць form/URL уводы напрамую.
-> Fix: Заўсёды валідуй і санітызуй на серверы; экрануй вывад.
Сакрэты ў фронтэндзе: API-ключы/credentials у React/Next.js кліенцкім кодзе.
-> Fix: Трымай сакрэты толькі на серверы (env vars, .env у .gitignore).
Слабая аўтарызацыя: правяраць толькі "ці залагінены", а не "ці дазволена гэта".
-> Fix: Сервер павінен правяраць дазволы для кожнага дзеяння і рэсурсу.
Лішак у памылках: паказваць stack trace / памылкі базы карыстальніку.
-> Fix: Агульнае паведамленне карыстальніку, падрабязныя логі — распрацоўшчыку.
IDOR і ўласнасць: дазваляць карыстальніку X рэдагаваць даныя карыстальніка Y праз ID.
-> Fix: Сервер павінен пацвердзіць, што бягучы карыстальнік валодае гэтым ID.
Ігнараванне DB-бяспекі: абыходзіць такія рэчы, як RLS (Row Level Security).
-> Fix: Вызнач правілы доступу да даных наўпрост у базе (RLS).
Незахаваныя API: адсутнасць rate limit; незашыфраваныя чуллівыя даныя.
-> Fix: Rate limit праз middleware; шыфруй даныя ў спакоі; заўсёды HTTPS.
11. Ітэратыўны агляд (Gemini/Claude): праблема -> рызыка -> патч
Гэта выкарыстоўваць не зусім проста праз тое што капіраваць усе файлы цяжка, але нават просты аналіз з чату можа выявіць значныя недахопы, таму перыядычна робім гэта.
Пасля пабудовы фічы скапіруй увесь код у Gemini 2.5 Pro (у Google AI Studio) ці проста запусці якія вялікія мадэлі для праверкі коду і фіч — яны маюць вялікае кантэкстнае вакно і выдатна знаходзяць уразлівасці і дрэнныя патэрны.
Як працаваць:
- Скажы Gemini: «Ты эксперт па бяспецы. Знайдзі ўразлівасці.» / «Ты эксперт па [твой стэк]. Знайдзі праблемы прадукцыйнасці і дрэнныя патэрны.»
- Gemini вяртае спіс праблем. Скапіруй іх у Claude ў Cursor і скажы выправіць.
- Пасля выпраўлення — зноў Gemini, пакуль ён не скажа "усё ОК".
Мэты аналізу: бяспека, прадукцыйнасць, дубляжы, лішнія залежнасці.
Фармат адказу, які працуе:
- Праблема;
- Чаму гэта праблема;
- Рызыка;
- Канкрэтны патч/крокі.
Далей — лакальныя diff-патчы, невялікія тэсты, паўторны прагляд.
12. "Упартыя" багі: фіксім без панікі
Калі пасля 2–3 заходаў усё яшчэ «не туды»:
- Папрасіце мадэль назваць топ-падазраваных па ланцужку залежнасцяў.
- Дадайце логі ў вузкія месцы, дадайце факты (stack, payload, межы).
- Пры неабходнасці - адкат да апошняга паспяховага каміту і дробныя крокі наперад. Часам толькі так і вырашаюцца праблемы. Ну ці самаму рукамі выпраўляць, але ж мы не за гэтым прыйшлі да вайбкодынгу.
13. Правіла межаў: «Не чапай, калі не прасілі»
ШІ любіць «падчысціць», калі бачыць магчымасць. Абмежаванні - заключная фраза ў кожным промпце: «Нічога не змяняй па-за пералічаным». Пасля некалькіх ітэрацый мадэль пачынае паважаць межы.
14. Repo-інструкцыі і «Агульныя памылкі ШІ» як код
- Вядзіце
ai_common_mistakes.md: ШІ любіць пераносіць валідацыю ў UI; змяняе назвы пропсаў; выдаляе патрэбныя імпарты - усё сюды. - Папка
instructions/з markdown-прыкладамі, шаблонамі промптаў, «Cursor Rules», кароткімі best practices. - У новай фічы дадавайце спасылку на файл памылак - эканоміць токены і час.
15. Інструменты і патэрны, якія працу паскараюць без мітусні
Інструменты:
- Storybook - ізаляваны UI і дакументаванне патэрнаў.
- Playwright / Vitest - хуткія E2E/юніт-тэсты; добра спалучаюцца з diff-патчамі.
- CodeSandbox / StackBlitz - імгненныя пясочніцы для PoC.
- Sourcegraph Cody - глыбокі пошук + кантэкстныя патчы.
- Continue / Aider / Windsurf / Codeium - лёгкія асістэнты для «застряганняў».
- Tabby / лакальныя LLM - танная генерацыя для шаблоннага коду.
- Perplexity / Phind - хуткае тэхнічнае даследаванне і параўнанне падыходаў.
- MCP (Model Context Protocol) - стандартызаваны доступ да файлаў/камандаў без «балбатні» ў промпце.
- Commit message генератары (глядзіце таксама CommitGPT) - эканомяць час, але чытайце перад пушам.
- ESLint з аўтафіксам - машынная гігіена «на ўваходзе».
Патэрны працы:
- Triple Pass Review: структура -> логіка/паток даных -> краявыя выпадкі/бяспека.
- Interface Freeze: замарозьце публічны API/параметры перад глыбокімі генерацыямі (рэфактарынгам).
- Context Ledger: кароткія запісы па фічах (файлы, рашэнні, outstanding TODO) - лёгка перанесці ў новы чат.
- Session Reset Cadence: рэгулярнае абнуленне доўгіх сесій.
- Red Team Self-Check: асобны праход на ін’екцыі, IDOR, гонкі.
16. Cursor Rules, інструкцыі і «не баяцца вяртацца назад»
- Cursor Rules - выдатная адпраўная кропка: зафіксуйце стэк, патэрны, забароны, анты-прыёмы.
- Папка з інструкцыямі: прыклады кампанентаў, кароткія рэцэпты для тыпавых задач (замена «гарачай памяці» чата).
- Калі мадэль збілася: вяртайцеся на крок назад, удакладняйце промпт і кантэкст - працягваць «па інэрцыі» даражэй.
17. Прадухіленне непажаданых змен ад ШІ — каротка
Паўтараем правіла з п.13: «Не дадавай/не выдаляй/не пераймяноўвай тое, пра што не прасіў». Ясныя межы лепшыя за эмацыйныя фразы — і працуюць стабільней.
18. Міні-чэкліст перад камітам
- Функцыя ўпісаная ў існуючыя патэрны і кампаненты.
- Тыпы строгія, без any; базавыя тэсты і логі прысутнічаюць.
- Бяспека: сакрэты на сервэры; правы і валідацыя правераныя.
- UI кансістэнтны: водступы, станы, назвы.
- Паведамленне каміту кароткае і змястоўнае.
Карысныя знешнія рэсурсы
Ніжэй - толькі знешнія, публічныя крыніцы (сэрвісы і інструменты), якія даюць практычную вартасць пры «вайб»-падыходзе.
bolt.new
Што: онлайн-асяроддзе хуткага стварэння каркаса (Full‑stack / frontend) з генерацыяй пачатковага коду праз ШІ.
Навошта: імгненны MVP / протатып да таго, як укладвацца ў структуру асноўнага рэпазіторыю.
Калі: у фазе праверкі ідэі або пошуку агульнай формы без тонкай архітэктуры.
GitHub Copilot
Што: інструмент аўтадапаўнення і inline-падказак у рэдактара (VS Code, JetBrains).
Навошта: паскорыць шаблонны код (канфігурацыі, дапаможныя функцыі, невялікія React‑кампаненты), знізіць колькасць механічнага набору.
Калі: калі патрэбны хуткі «скетч» або дапаўненне радкоў, а не глыбокая шматфайлавая генерацыя логікі. (Але зараз ужо +- добра працуе і тут)
Claude Sonnet / мадэлі Anthropic
Што: мадэлі з моцным разуменнем кантэксту і больш менш дакладным вывадам.
Навошта: агляд вялікіх кавалкаў коду, прапановы па структуры, бяспецы, стылі.
Калі: перад рэфактарынгам, для пошуку дубляў або патэнцыйных уразлівасцяў.
Cursor
Што: IDE (форк VS Code) з глыбокай інтэграцыяй LLM (чат + генерацыя патчаў + «Rules»).
Навошта: кіраваныя промпты, лакальныя diff‑патчы, хуткія ітэрацыі без ручнога капіравання.
Калі: у асноўнай распрацоўцы, калі патрэбна шмат малых структурных змяненняў.
cursor.directory
Што: каталог гатовых Cursor Rules і промпт-шаблонаў.
Навошта: стартавы набор правілаў (стыль, архітэктура, ахоўныя абмежаванні) замест ручнога выпрацоўвання.
Калі: на этапе наладжвання «правілаў гульні» ў праекце.
Google AI Studio (Gemini 2.5 Pro)
Што: інтэрфейс да мадэляў з вялікім кантэкстным акном.
Навошта: комплексныя праверкі - бяспека, прадукцыйнасць, дублі, залежнасці; падсумаванне перад перабудовай.
Калі: калі код-база ўжо значная і патрэбны «стратэгічны прагляд».
21st.dev
Што: калекцыя UI-патэрнаў з прыкладнымі промптамі.
Навошта: уніфікаваць стылі і структуру кампанентаў без прыдумвання «з нуля».
Калі: перад маштабаваннем фронтэнду або стандартызацыяй форм / спісаў.
Sourcegraph Cody
Што: інтэлектуальны пошук па вялікіх рэпазіторыях + генерацыя патчаў.
Навошта: знайсці ўсе ўжыванні функцыі / залежнасці, пабудаваць карціну сувязяў перад зменамі.
Калі: перад глыбокім рэфактарынгам або выдаленнем модуля.
CodeSandbox
Што: хмарныя пясочніцы для імгненнага запуску прыкладання без лакальнай інсталяцыі.
Навошта: праверыць бібліятэку, пратэставаць ідэю, паказаць канцэпт калегам.
Калі: ранняя валідацыя або ізаляваная дэманстрацыя.
Storybook
Што: ізаляванае асяроддзе для прагляду і тэставання UI-кампанентаў.
Навошта: гарантаваць кансістэнтнасць дызайн-сістэмы, візуальны кантроль станаў (loading/empty/error).
Калі: у момант вылучэння агульных кампанентаў або перад маштабаваннем фронтэнду.
Playwright
Што: інструмент для E2E-тэстаў (браузерныя сцэнары з высокай дакладнасцю).
Навошта: праверыць ключавыя карыстальніцкія патокі пасля аўтаматычных патчаў ад ШІ.
Калі: перад merge важных змен або выпуском версіі.
Vitest
Што: хуткі юніт/інтэграцыйны тэстар для экосістэмы Vite / сучаснага TS.
Навошта: пакрыць чыстыя функцыі і hooks, каб стабілізаваць рэфактарынг.
Калі: адразу пасля вылучэння невялікіх утыліт / логікі ў асобныя модулі.
Perplexity
Што: LLM-пашукавікі з абагульняючымі адказамі і спасылкамі.
Навошта: імгненна даведацца нюансы API, статус бібліятэк, параўнаць падыходы.
Калі: перад выбарам стэка або аптымізацыяй.
LangSmith
Што: інструменты ацэнкі якасці інтэграцый LLM і промптаў.
Навошта: аб’ектыўна меркаваць, ці паляпшаецца вынік ад вашых правілаў/карэкціровак.
Калі: калі колькасць промптаў і мадэляў > 1 і патрабуецца кіраванне якасцю.
Regex101
Што: онлайн-адладчык рэгулярных выразаў з тлумачэннямі.
Навошта: хутка правяраць і правільна будаваць правілы валідацыі / парсінгу.
Калі: перад уключэннем складанай валідацыі ў форму / API.
Як эфектыўна спалучаць:
- Ідэя -> bolt.new (прататып) -> перанос у Cursor.
- Структура -> Sourcegraph (залежнасці) -> Claude (заўвагі) -> лакальныя патчы.
- UI -> 21st.dev (патэрн) + Storybook (прагляд) + Tailwind (стылі).
- Бяспека -> OWASP (чэкліст) + Gemini (аўдыт) + Playwright (патокі).
- Чысціня -> ESLint (правілы) + TypeScript (строгія тыпы) + Vitest (тэсты).
Паступова ўводзьце рэсурсы - не ўсе адразу: гэта зніжае кагнітыўную нагрузку і павялічвае стабільнасць працэсу.
Заключэнне: хуткасць з каркасам
Вайб-кодынг - гэта не хаос і не «мэта сама па сабе». Гэта цыкл «бачанне -> маленькі крок -> праверка -> стабілізацыя». Чым лепш бачанне і патэрны, тым больш ШІ становіцца партнёрам, а не крыніцай сюрпрызаў і праблем. Памылкі будуць, але з гэтым наборам вы не згубіцеся - проста працягнеце ітэраваць без болю.
Дзякуй за ўвагу
Дзякуй, што дачыталі. Спадзяюся, матэрыял будзе для вас карысны. Калі спадабалася — падтрымайце наш праект і падзяліцеся з калегамі.
ЗЫ: Выява ў шапцы спецыяльна крыху ўпоратая.
Каментары
(Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)