Галоўная > Жорсткія дыскі (HDD) у 2026 годзе: Поўнае кіраўніцтва для тых, хто не хоча прадаваць нырку дзеля SSD

Жорсткія дыскі (HDD) у 2026 годзе: Поўнае кіраўніцтва для тых, хто не хоча прадаваць нырку дзеля SSD

hdd

cover

Уводзіны: Чаму мы зноў гаворым пра гэтых дыназаўраў?

Яшчэ пару гадоў таму здавалася, што дні старых добрых "вінчэстараў" палічаныя. SSD імкліва таннелі, ноўтбукі схуднелі, а гук паркоўкі галовак HDD стаў успрымацца як гук мадэма з 90-х. Здавалася, яшчэ крыху - і гэтыя грукатлівыя цэглы сыдуць у гісторыю следам за дыскетамі і DVD-плэерамі.

Але на двары 2026 год, і сюрпрыз! Месца на SSD каштуе як крыло ад Боінга.

Дзякуйце Штучнаму Інтэлекту. Сур'ёзна. Пакуль вы генеруеце карцінкі коцікаў у касмічных касцюмах, дата-цэнтры скупаюць Flash-памяць (NAND) такімі тэмпамі, што заводам проста няма калі рабіць танныя SSD для простых смяротных. Уся хуткая памяць сыходзіць на навучанне нейрасетак.

І тут на сцэну зноў выходзіць ён - Яго Вялікасць HDD. Павольны, цяжкі, шумны, але такі родны. І галоўнае - танны. HDD вярнуўся, але ўжо не як "сістэмны дыск" (запускаць з яго Windows у 2026-м - гэта вытанчаны від мазахізму), а як аснова вашага асабістага воблака. Гэта ідэальнае месца для сямейных архіваў, калекцыі фільмаў у 4K і ўсяго таго, што павінна ляжаць надзейна, але не займаць дарагое месца на хуткім дыску.


Што такое HDD (для тых, хто нарадзіўся з айфонам у руках)

Калі спрасціць, HDD - гэта высокатэхналагічны прайгравальнік вінілавых кружэлак, запакаваны ў герметычную металічную скрынку. Унутры знаходзяцца магнітныя "бліны", якія круцяцца з хуткасцю 7200 абаротаў у хвіліну (гэта як кола баліда Формулы-1). Над імі парыць счытвальная галоўка. Яна не кранаецца паверхні, а ляціць на вышыні менш за чалавечы волас.

Што гэта значыць для вас?

  1. Ён далікатны. Стукнуць па корпусе падчас працы - і галоўка "пацалуе" дыск. Гэта як драпіна на вініле - песня (вашы дадзеныя) скончыцца назаўжды.
  2. Ён павольны. Каб знайсці файл, галоўцы трэба фізічна даехаць да патрэбнага месца. У SSD усё адбываецца тэлепартацыяй (электрычным імпульсам).
  3. Ён танны. Вы можаце купіць вялізны HDD на 8 Тэрабайт па цане "хуткага" SSD на 2 ТБ.

Маркетынгавае пекла: Якога колеру ваш дыск?

Раней было проста: прыйшоў у краму, купіў "вінчэстар", уставіў. Сёння вытворцы выпускаюць дзясяткі мадэляў з рознымі колерамі на лэйбах. І іх рэальна важна адрозніваць, бо ўнутры стаіць розная прашыўка (firmware), якая вызначае, як дыск сябе паводзіць.

1. Desktop HDD ("Звычайныя", Blue/Green)

Самыя простыя і даступныя дыскі. Разлічаны на стандартны офісны ці хатні рэжым: камп'ютар уключаецца раніцай, працуе 8-10 гадзін і выключаецца на ноч. Вердыкт: Добрыя для захоўвання фільмаў і файлаў у звычайным ПК. Непрыдатныя для сервераў і рэжыму 24/7, бо маюць меншы рэсурс механікі і горш пераносяць вібрацыі.

2. Surveillance HDD ("Для відэаназірання", Purple/SkyHawk)

Спецыялізаваныя дыскі, распрацаваныя для кругласутачнага запісу відэапатокаў з камер. Іх галоўная асаблівасць - прыярытэт хуткасці запісу над цэласнасцю дадзеных. Калі пры запісе ўзнікне памылка, звычайны дыск спыніцца і паспрабуе прачытаць сектар зноў, што прывядзе да страты некалькіх секунд відэа. Surveillance-дыск памылку праігнаруе і працягне пісаць далей, каб відэашэраг не перарываўся. Чаму нельга браць у ПК? Для захоўвання файлаў такая логіка небяспечная. Калі дыск "прапусціць" памылку ў вашым Excel-файле або архіве з фота, файл будзе пашкоджаны назаўжды.

3. NAS HDD ("Сеткавыя", Red/IronWolf)

Аптымальны варыянт для захоўвання дадзеных. Калі вы яшчэ не ведаеце, NAS (Network Attached Storage) - гэта маленькая каробачка, у якую ўстаўляюцца дыскі. Яна падключаецца да вашага роўтара, і ўсе прылады ў доме - тэлефон, ноўтбук, тэлевізар - бачаць гэтыя дыскі як сваё асабістае воблака. Па сутнасці, гэта ваш хатні Dropbox, толькі без абаненцкай платы. Гэтыя дыскі сканструяваныя спецыяльна для працы ў рэжыме 24/7 у шматдыскавых сістэмах (RAID). Яны маюць абарону ад вібрацый (што важна, калі ў адным корпусе стаіць некалькі дыскаў), менш грэюцца і маюць пашыраны рэсурс працы. Вердыкт: Найлепшы выбар для хатняга сервера ці ПК, калі дадзеныя для вас важныя. Яны крыху даражэйшыя за звычайныя офісныя мадэлі, але значна больш жывучыя.

4. Enterprise HDD ("Серверныя", Gold/Ultrastar)

Эліта свету назапашвальнікаў. Гэтыя дыскі ставяць у дата-цэнтры Google і Amazon. Яны неверагодна надзейныя і самыя хуткія сярод HDD. Але ёсць нюанс: Яны трашчаць, як стары трактар "Беларус", і грэюцца, як патэльня. Інжынеры разлічвалі іх для глухіх серверных пакояў з магутнымі вентылятарамі, а не для вашай утульнай спальні. Калі вы не гатовыя спаць пад гукі будоўлі - не бярыце іх дадому, нават калі яны танныя на другасным рынку.


Самая вялікая падстава: CMR супраць SMR ("Чарапіца")

Увага! Тут вас спрабуюць падмануць. Каб упіхнуць больш дадзеных і зэканоміць, вытворцы прыдумалі SMR (Shingled Magnetic Recording) - "чарапічны" запіс.

  • CMR (Нармальны): Дарожкі ідуць побач, як палосы на шашы. Можна перазапісаць любую інфармацыю ў любы момант. Хутка і прадказальна.
  • SMR (Чарапічны): Дарожкі накладваюцца адна на адну, як дах. Каб змяніць адзін байт, дыску трэба падняць і перакласці ўсе "чарапіцы" побач.

У чым праблема SMR? Пакуль вы проста захоўваеце фільмы ("паклаў і забыў") - усё ОК. Але паспрабуйце запісаць на яго 100 Гб дробных файлаў або перазаліць бэкап... Хуткасць упадзе да ўзроўню флэшкі з 2005 года, а дыск пачне "тупіць" і выдаваць гукі памірання. Парада: Заўсёды гугліце мадэль. Калі там SMR - бярыце толькі для архіва "на чорны дзень". Для актыўнага карыстання шукайце толькі CMR.


Як не аблажацца з выбарам аб'ёму?

Тут важна знайсці баланс, бо гігантызм тут не заўсёды карысны.

  • 1-4 ТБ: Сэнсу няма але не дакладна. Каштуе (за ТБ) доражэй за астатнія але мо каму і дастаткова.
  • 6-8-10 ТБ: "Залатая сярэдзіна". Самыя адэкватныя кошты.
  • 12-20 ТБ: Гэта часта тыя самыя шумныя карпаратыўныя монстры. Ці гатовыя вы слухаць іх хрусценне?

Лайфхак: Два дыскі па 8 ТБ лепш, чым адзін на 16 ТБ. Калі памрэ адзін вялікі - вы страціце ўсё. Калі памрэ адзін з двух - хаця б палова коцікаў застанецца жывая.


Як не забіць дыск за год?

Дыскі паміраюць не ад старасці, а ад дрэннага жыцця.

  1. Не смажце іх. Тэмпература 30–45°C - гэта курорт. 50°C і вышэй - гэта пекла, дзе плавіцца змазка падшыпнікаў. Пастаўце вентылятар!
  2. Не трэсці! Працуючы HDD баіцца нават, калі вы моцна тупнеце нагой побач з сістэмнікам. Не стаўце ПК на сабвуфер.
  3. Купіце UPS (Бесперабойнік). Раптоўнае адключэнне святла падчас запісу - гэта інфаркт для дыска. Галоўка можа проста ўпасці на блін і зрабіць "скрэтч".

Як зразумець, што дыск памірае? (SMART)

Кожны HDD вядзе ўнутраны дзённік свайго здароўя - тэхналогія называецца S.M.A.R.T.. Вы можаце праверыць яго бясплатнымі праграмамі:

  • Windows: CrystalDiskInfo
  • macOS: DriveDx
  • Linux: GSmartControl (графічны) або smartctl з пакета smartmontools (каманда ў тэрмінале)

На што глядзець у першую чаргу:

  • Reallocated Sectors (пераразмеркаваныя сектары): Дыск знайшоў сапсаваныя ўчасткі і перанёс дадзеныя ў запасныя. Калі іх крыху - нічога страшнага. Калі іх колькасць расце - дыск дажывае свае апошнія месяцы.
  • Current Pending Sectors: Сектары, якія дыск не змог прачытаць, але яшчэ не перанёс. Гэта чырвоны сігнал - рабіце бэкап тэрмінова.
  • CRC Errors: Памылкі пры перадачы дадзеных па кабелі. Часта гэта проста дрэнны SATA-кабель, але ігнараваць не варта.

Правіла: Усталюйце маніторынг і правярайце дыскі хаця б раз на месяц. Лепш даведацца пра праблему загадзя, чым аднойчы ўбачыць "Disk not found" пры загрузцы.


Высновы: Ідэальная зборка ў 2026

Не спрабуйце знайсці "адзін дыск для ўсяго". Гэта як шукаць машыну, каб і бульбу вазіць, і ў гонках удзельнічаць.

Правільная схема разумнага чалавека:

  1. SSD (NVMe) 1 ТБ: Для Windows/macOS, праграм і гульняў, у якія гуляеце зараз. Каб усё адкрывалася імгненна.
  2. HDD (NAS, CMR) 8 ТБ: Ваша лічбавае сховішча. Сюды ляцяць фільмы, архівы фота, усталёўшчыкі гульняў (каб не пампаваць нанова) і бэкапы сістэмы.
  3. Знешні дыск / Воблака: Копія таго, што прымусіць вас плакаць у выпадку страты (сямейныя фота і дакументы).

HDD не памёр - ён проста змяніў прафесію. Раней быў галоўным, цяпер стаў архіварыусам. І пакуль нейрасеткі з'ядаюць усю хуткую памяць на планеце, менавіта HDD застаецца самым танным і практычным спосабам захоўваць тэрабайты вашых дадзеных на гады наперад.

У наступным артыкуле мы распавядзем пра NAS падрабязна: як выбраць, як наладзіць, што такое RAID і чаму ён не замяняе бэкап.

Admin, 2026-02-19
Каментары

    (Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)