Вінда, нам трэба пагаварыць: чаму платная АС - гэта тупік

Альбо як Microsoft паціху губляе сябе ў свеце, дзе ўсё бясплатнае
Windows доўга была сінонімам слова «камп'ютар». Купіў ноўтбук - вось табе Вінда, вось табе ліцэнзія за сотню з гакам у цане (танней, але ўсё ж платна), вось табе рабочы стол са шпалерамі. Усе былі задаволены, бо альтэрнатываў альбо не існавала, альбо яны патрабавалі вучонай ступені па інфарматыцы.
Але час ідзе. І сёння Windows нагадвае дарагую рэстарацыю, якая ўсё яшчэ бярэ тройчы за стэйк, хоць побач адчыніліся тры кафэ з тым самым стэйкам - толькі бясплатна і без чакання. І без сініх экранаў смерці ў чэку.
Я, дарэчы, не тэарэтык, я карыстаюся рознымі АС шмат гадоў - Linux як асноўная сістэма, macOS на MacBook, а Windows - выключна для гульняў. І доўгі час гэтая схема працавала выдатна.
А потым адбылася сітуацыя, якая стала апошняй кропляй.
Паўгода таму ў мяне памерла мацярынская плата. Звычайная гісторыя - жалеза не вечнае. Я замяніў яе. І раптам высветлілася, што мая ліцэнзія Windows, за якую я калісьці заплаціў рэальныя грошы, больш не дзейнічае. Бо Windows прывязвае ліцэнзію да мацярынскай платы. Памерла плата - памерла ліцэнзія, хаця вінда набывалася асобна. Такі лічбавы пахавальны рытуал: разам жылі, разам і ў магілу.
Я напісаў у падтрымку Microsoft. Адказ быў кароткі і шчыры: «Мы нічым вам не можам дапамагчы». Проста так. Я заплаціў за прадукт, прадукт вырашыў, што я яго больш не вартны, а служба падтрымкі паціснула плячыма з выразам «а мы тут пры чым?». Уявіце, што вы купілі тэлевізар, пераставілі яго ў іншы пакой - і ён перастаў працаваць, бо «змянілася месцазнаходжанне». А сэрвіс кажа: «Ну, купіце новы. Ці, ведаеце, паглядзіце YouTube на тэлефоне - гэта бясплатна».
І ведаеце што? Гэта быў добры савет. Бо менавіта тады я сеў і задаў сабе простае пытанне: а за што, уласна, мы плацім?
Не ў філасофскім сэнсе. У канкрэтным. За ліцэнзію Windows 11 Pro Microsoft просіць $199 за Pro, $139 за Home. За абнаўленне - перыядычна нервы. За стабільнасць - ніхто нічога не гарантуе. За падтрымку - «мы нічым не можам дапамагчы». Дзякуй, вельмі карысна, дзе мне аплаціць наступную ліцэнзію?
Гэта не маніфест і не заклік да рэвалюцыі. Гэта проста мае разважанні - чалавека, які карыстаецца рознымі АС і спрабуе зразумець, чаму мы аддаём грошы за тое, што ўсе астатнія прапануюць бясплатна. І чаму бясплатнае часам працуе лепш.
Давайце проста паразважаем.
Частка першая: лічбы, якія гавораць самі за сябе
Калі б усё было добра, лічбы б не выглядалі так. Колькасць актыўных прылад з Windows скарацілася з 1,4 мільярда ў 2022 да крыху больш за мільярд у 2025. Чвэрць мільярда чалавек ціхамірна сабралі рэчы і з'ехалі. Нават не пакінулі запіскі на халадзільніку.
Пры гэтым Windows усё яшчэ займае каля 70% рынку дэсктопаў. Гэта вялікая лічба, і было б несумленна яе ігнараваць. Але тэндэнцыя - адназначна ўніз. І самае цікавае: людзі з'язджаюць не на macOS (яе доля не расце прынцыпова), а кудысьці яшчэ.
А пераход з Windows 10 на Windows 11 - гэта асобная камедыя. У кастрычніку 2025 доля Windows 11 складала 55,18%, але да снежня яна ўпала да 50,73%. Адначасова Windows 10, якую Microsoft афіцыйна «пахавала» 14 кастрычніка 2025 года, спакойна адрасла да 44,68%. А Windows 7 - сістэма 2009 года! - набрала 3,83%. Мёртвыя не паміраюць.
Гэта нагадвае рэстарацыю, якая кажа кліентам: «Мы закрылі старое меню пакуль вы замаўлялі, вось вам новае, утройчы даражэйшае». А кліенты кажуць: «Дзякуй, мы лепш будзем есці са старога, нават калі вы яго ўжо не маеце».
Частка другая: стабільнасць, альбо яе адсутнасць
Вось тут мне хочацца параўнаць. Не для таго, каб сказаць «Linux лепш», а каб зразумець: ці нармальна за грошы атрымліваць такое?
Толькі ў 2025 годзе Windows 11 мела больш за 20 сур'ёзных праблем з абнаўленнямі. Дваццаць. За адзін год. Гэта не я лічыў - гэта падлічылі журналісты Windows Latest, якія, між іншым, спецыялізуюцца на Windows і любяць яе. Уявіце, як трэба старацца, каб нават фанаты пачалі лічыць вашы факапы.
Вось вам невялікі дэгустацыйны набор:
Красавік 2025. Абнаўленне для Windows 11 24H2 выклікала масавыя сінія экраны смерці з памылкай SECURE_KERNEL_ERROR. Некаторыя камп'ютары ўвайшлі ў цыкл перазагрузак і проста пераставалі загружацца. Microsoft выпусціла экстрэнны патч, але многія карыстальнікі паспелі правесці дзень-два без працоўнага камп'ютара.
Кастрычнік 2025. Абавязковае абнаўленне KB5066835 зламала localhost - магчымасць камп'ютара размаўляць з самім сабой. Windows літаральна перастала разумець сама сябе. Калі гэта не метафара - то я не ведаю, што такое метафара. Для звычайнага карыстальніка гэта нішто, але для распрацоўшчыкаў - катастрофа. Visual Studio, IIS, Docker, ASP.NET - усё перастала працаваць. Тое ж абнаўленне зламала прадпрагляд файлаў у Правадыру, перастала працаваць клавіятура ў рэжыме аднаўлення Windows, а перыферыйныя прылады Logitech проста адмовілі. Адно абнаўленне - чатыры розныя паломкі. Такі сабе шведскі стол з багаў.
Кастрычнік-лістапад 2025. Абнаўленні выклікалі падзенне FPS у гульнях. NVIDIA пацвердзіла праблему і выпусціла свой уласны фікс, бо Microsoft не паспявала.
Люты 2026. Новы год - новыя багі. Абнаўленне зноў выклікала праблемы з устаноўкай і стабільнасцю. Традыцыя.
Цяпер параўнаем. На маім хатнім серверы стаіць Ubuntu. За апошнія тры гады - нуль крашаў. Нуль. Сістэма абнаўляецца бесперапынна, ціха, без перазагрузак пасярод працы, без «Вашая праца не захавана, бо мы вырашылі перазагрузіцца ў тры гадзіны ночы»^ калі трэба - тады аднавіліся.
Я не кажу, што Linux ніколі не ламаецца. Ламаецца. Але ён ламаецца бясплатна, а Windows ламаецца за $200. Ёсць розніца.
Частка трэцяя: ШІ як выратавальны круг (які аказаўся прабіты)
Microsoft, відаць, і сама разумее, што проста аперацыйная сістэма - гэта ўжо не аргумент. Таму апошнія пару гадоў кампанія спрабуе ўсунуць штучны інтэлект усюды, каб зрабіць Windows «адметнай» - так сказаць прадаючую фічу дадаць хочуць. Логіка зразумелая: калі ОС не можа быць лепшай - хай будзе «разумнейшай». Як бабуля, якая запіхвае бульбу ва ўсё стравы - толькі бабуліна бульба хоць бяспечная.
Recall - функцыя, якая рабіла скрыншот вашага экрана кожныя некалькі секунд і захоўвала ўсё лакальна, каб потым вы маглі «ўспомніць» усё, што рабілі. Ідэя з разраду «а давайце зробім тое, пра што ніхто не прасіў, і зробім гэта максімальна крыпова». Першая версія захоўвала дадзеныя ў нешыфраванай базе даных, якую мог прачытаць любы вірус. Даследчык Александр Хагенах стварыў інструмент TotalRecall, які паказваў, як лёгка можна выцягнуць усю гэту інфармацыю. Назва інструмента - шэдэўр сама па сабе.
Рэакцыя публікі была такой, быццам Microsoft прапанавала ўсталяваць камеру ў ваннай. Два найбольш папулярныя адказы ў інтэрнэце: «Ні за што» і «Каму гэта ўвогуле трэба?». Microsoft адклала запуск, перарабіла, зноў адклала, зрабіла функцыю opt-in. Непрыемны асадак застаўся.
Затым - Gaming Copilot. У кастрычніку 2025 карыстальнікі выявілі, што гэтая штука ціхамірна ўсталявалася праз Xbox Game Bar, рабіла скрыншоты гульнявога працэсу і адпраўляла дадзеныя на серверы Microsoft Azure. Без яснай згоды. Аўтаматычна. Даследчык бяспекі Кевін Бомант пацвердзіў: сеткавы трафік ішоў нават пасля закрыцця віджэта. Microsoft адказала, што дадзеныя «не выкарыстоўваюцца для трэніроўкі мадэляў». Ну, добра. І я не з'ядаю ўсю піцу - я яе толькі каштую.
І вось галоўнае: Microsoft хоча, каб вы купілі новы Copilot+ PC са спецыяльным NPU-чыпам, 16 ГБ аператыўкі і 256 ГБ сховішча - дзеля функцый, якія масава адключаюць пры першай магчымасці. Новае жалеза дзеля непажаданага софту. Цікавая бізнес-мадэль.
Частка чацвёртая: а давайце параўнаем канкрэтна
Вось тут я хачу быць сумленным. Не «Windows - дрэнна, Linux - добра», а канкрэтна: што менавіта робіць Windows такога, чаго не робяць бясплатныя альтэрнатывы? І наадварот?
Для працы і вэбсёрфінгу
На Windows вы пішаце дакументы ў Word, чытаеце пошту ў Outlook, робіце прэзентацыі ў PowerPoint. На Linux - LibreOffice Writer, Thunderbird, LibreOffice Impress. На ChromeOS - Google Docs, Gmail, Google Slides. Вынік аднолькавы. Кошт Windows: $139–199. Кошт Linux: $0. Кошт ChromeOS: $0.
Хтосьці скажа: «Але Word лепшы за LibreOffice!». Магчыма. Але для 90% задач - напісаць ліст, зрабіць табліцу, адправіць PDF - розніца нулявая. А вэбсёрфінг - гэта ўвогуле браўзэр, яму ўсё роўна, на чым стаяць.
Для сервераў
Тут нават параўноўваць няма чаго. Linux дамінуе абсалютна. AWS, Google Cloud, і нават Azure (іронія жыцця!) працуюць на Linux. Серверная Windows - гэта як конь у метро: тэарэтычна ехаць можна, практычна ніхто не хоча.
Для адукацыі
Хромбукі трымаюць 60,1% сусветнага рынку адукацыйных прылад. У ЗША 93% школьных акругаў плануюць купляць менавіта іх. ОС бясплатная, прылады танныя, кіраванне простае. Мільёны дзяцей вырастаюць, нават не ведаючы, што такое «меню Пуск». Для іх камп'ютар - гэта браўзэр. А аперацыйная сістэма - гэта тое, пра што распавядаюць на ўроках гісторыі.
Гэта значыць, будучыя карыстальнікі нават не задумаюцца пра тое, каб «пераходзіць» на Windows. Яны проста ніколі на ёй не працавалі. І не збіраюцца. Для Microsoft гэта прыкладна як для Coca-Cola даведацца, што дзеці цяпер п'юць толькі ваду. Прычым бясплатную.
Для гульняў - апошні аплот
Вось тут Windows яшчэ трымаецца. DirectX, антычыт-сістэмы, выдавецтвы, якія рабілі гульні «толькі для Windows» - усё гэта стварала экасістэму, з якой цяжка было вырвацца.
Але Valve з Steam Deck сказаў: «А давайце паспрабуем інакш?»
Proton - тэхналогія сумяшчальнасці ад Valve - дазваляе запускаць гульні для Windows на Linux. Паводле даных Tom's Hardware і ProtonDB, каля 90% гульняў для Windows працуюць на Linux у той ці іншай форме. Не ўсе ідэальна - антычыты ў некаторых сеткавых гульнях застаюцца праблемай - але для адзіночных гульняў і многіх сеткавых тайтлаў розніца ўжо мінімальная.
Proton 10, выпушчаны ў канцы 2025 года, прынёс падтрымку дзясяткаў тысяч тайтлаў, выправіў сумяшчальнасць з EasyAntiCheat і BattlEye, і нават падтрымлівае гульні з Epic Games Store. На кампактных прыладах кшталту Steam Deck, дзе важная кожная крупіна прадукцыйнасці, лёгкая SteamOS на базе Linux часта дае больш стабільны FPS і менш дропаў, чым грузлая Windows.
А вось іронія: у кастрычніку-лістападзе 2025 абнаўленні самой Windows 11 выклікалі падзенне FPS у гульнях настолькі, што NVIDIA выпусціла ўласны драйвер-фікс. Гэта значыць, адзіная сфера, дзе Windows яшчэ мае перавагу - і яна ж яе сабатуе ўласнымі абнаўленнямі.
Старыя гульні - крывавая іронія
Асобная тэма. Windows быццам бы «гульнявая платформа нумар адзін», але паспрабуйце запусціць нешта з эпохі Windows XP на сучаснай Windows 11. Вось канкрэтныя прыклады.
Max Payne (2001). На Windows 11 гэтая гульня - цэлы квэст яшчэ да таго, як вы зробіце першы стрэл. Прычым квэст складанейшы за саму гульню. SafeDisc DRM не працуе на Windows 10 і 11. Убудаваны Vsync зламаны. На сучасных працэсарах AMD гульня ўвогуле не запускаецца без замены сістэмнага файла. Няма гуку ў кацсцэнах. На GitHub існуе цэлы рэпазіторый «Max-Payne-Fix-Windows-11» з шматкрокавай інструкцыяй: уключыце DirectPlay, усталюйце DirectX 9 (яго няма ў Windows 11!), запусціце бат-файл для канвертацыі гукавых файлаў, замяніце DLL... На Linux з Proton? Проста націсніце «гуляць» у Steam. Усё працуе. Адзіная заўвага - лепш абмежаваць FPS да 60.
GTA IV. На Windows 10/11 гульня вядомая жудаснай прадукцыйнасцю - Microsoft змяніла падтрымку экасістэмы DirectX 9 настолькі, што старыя гульні на гэтым API працуюць дрэнна. Карыстальнікі ў Steam-форумах адзначаюць, што на Windows для нармальнай працы GTA IV даводзіцца ўсталёўваць DXVK - тую ж самую бібліятэку трансляцыі DirectX у Vulkan, якую Proton выкарыстоўвае на Linux аўтаматычна.
Fallout: New Vegas, Oblivion, S.T.A.L.K.E.R., Borderlands 2. Усе гэтыя класічныя тайтлы на DirectX 9 атрымліваюць прырост прадукцыйнасці праз DXVK/Proton, бо трансляцыя ў сучасны Vulkan часта працуе эфектыўней, чым састарэлая падтрымка DX9 у самой Windows.
А вось яшчэ факт, які вельмі кранае: калі Elden Ring выйшла ў 2022, яна мела моцныя праблемы з мікрападвісаннямі (stutter) на Windows. На Linux праз Proton гэтых праблем не было - Valve зрабіла лепшае кэшаванне шэйдараў, чым самі распрацоўшчыкі гульні пад Windows.
А бенчмаркі паказваюць, што нават сучасныя гульні часам працуюць хутчэй на Linux: Cyberpunk 2077 - амаль на 20% хутчэй праз Proton, чым на Windows.
Гэта як калі б KFC пачала гатаваць курыцу горш за хатнюю кухню. А потым хатняя кухня пачала гатаваць яшчэ і іх фірмовы соус - толькі лепш.
Частка пятая: давайце будзем сумленнымі
Дзеля справядлівасці - ёсць рэчы, якія Windows усё яшчэ робіць лепш. Adobe Creative Suite (Photoshop, Premiere, After Effects) працуе на Windows натыўна і стабільна. Некаторыя прафесійныя праграмы - CAD-сістэмы, спецыфічны карпаратыўны софт - проста не існуюць для Linux. Калі вы прафесійны відэаграфер або архітэктар, Windows (ці macOS) - пакуль яшчэ неабходнасць.
Але пытанне вось у чым: колькі з нас - прафесійныя відэаграфы? Адзін з дзесяці? Адзін з пяцідзесяці? Для абсалютнай большасці людзей - тых, хто адпраўляе пошту, глядзіць YouTube, працуе ў табліцах і часам гуляе ў гульні - Windows перастала быць неабходнасцю. Яна стала звычкай. Такой жа, як купляць каву за пяць еўра, калі дома стаіць цалкам прыстойная кававарка.
А за звычкі мы плацім даражэй за ўсё.
Замест высновы: не заклік, а пытанне
Я нікога не заклікаю кідаць Windows і ўсталёўваць Linux. Гэта была б несумленная рэкамендацыя - у Linux свае праблемы, свой парог уваходу, свае дзівацтвы. Ён можа здзівіць вас у самы нечаканы момант - проста іншымі спосабамі, чым Windows.
Я проста пытаюся: чаму мы аддаём грошы за прадукт, які часам працуе горш за бясплатныя альтэрнатывы? Які ламаецца ад уласных абнаўленняў? Які ўсталёўвае на наш камп'ютар функцыі, якіх мы не прасілі, і адпраўляе нашы дадзеныя туды, куды мы не хацелі?
Магчыма, адказ просты: мы плацім за інерцыю. За тое, што «заўсёды так было». За тое, што «усе карыстаюцца». За тое, што калісьці, у 2005 годзе, альтэрнатываў сапраўды не было.
Але зараз 2026. Альтэрнатывы ёсць. Яны бясплатныя. Яны часта працуюць стабільней. І яны не робяць скрыншоты вашага экрана кожныя пяць секунд.
Можа, Windows не тоне. Можа, яна проста стаіць на месцы, пакуль увесь свет плыве далей. А стаяць на месцы, калі ўсе вакол рухаюцца - гэта і ёсць тупік.
Лепшае, што Microsoft магла б зрабіць для Windows - гэта зрабіць яе бясплатнай. Але тады прыйшлося б прызнаць, што яна каштуе менавіта столькі.
А гэта ж проста мае разважанні. Вы, натуральна, можаце працягваць плаціць.
© 2026. Артыкул напісаны на камп'ютары з бясплатнай аперацыйнай сістэмай. Проста каб ведалі
Каментары
(Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)