Лэвэл-ап 2025: Новыя праекты, старыя багі і беларускі код. Падводзім вынікі году

Вітанкі, спадарства!
Вось і амаль скончыўся 2025 год. Мы сталі старэйшымі, крыху разумнейшымі і, спадзяюся, усё яшчэ патрэбнымі гэтаму свету, нягледзячы на ўсе гэтыя вашыя нейрасеткі. Час падвесці рысу і паглядзець, чым мы тут увогуле займаліся цэлы год (Але спачатку віншаванне).
Віншуем вас з надыходзячым Новым 2026 годам!
Жадаем, каб у новым годзе ваш асабісты "прадакшн" працаваў стабільна, багі фіксіліся імгненна, а жыццё падкідвала толькі прыемныя апдэйты. Няхай розум застаецца светлым, а сэрца — гарачым.
Падымаем віртуальныя (і не толькі) келіхі за нашу супольнасць.
А цяпер давайце паглядзім, як мы дакаціліся да такога жыцця ў мінулым годзе.
Што вы шукалі ў нас?
Цікава назіраць, як змяняюцца інтарэсы. Але ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі. Самым запатрабаваным матэрыялам нашага рэсурсу стаў артыкул пра наладжванне раскладкі — "Кастамная раскладка клавятуры Windows для беларускай лацінкі й ня толькі". Відаць, перад тым як пісаць код або раманы, трэба ўсё ж такі разабрацца, дзе якая літара знаходзіцца. Гэта база!
Таксама вас цікавіла наша гісторыя — таямнічая і велічная "Рагнеда - першая вядомая жанчына Полацкага княства". Мы разам разбіраліся ў аптычных ілюзіях, каб не даць вачам падмануць розум, і смяяліся разам з класікамі ў аглядзе кнігі "Купала і Колас жартуюць". Ну і, вядома, вечнае пытанне: "Што паглядзець ці пачытаць па-беларуску".
Што вы чыталі да дзірак?
Статыстыка праглядаў не хлусіць: вы сапраўдныя хардкоршчыкі. Ніякіх "топ-10 коцікаў", толькі суровы тэхнічны кантэнт (але ці быў іншы?). Безумоўным лідарам стаў наш гайд "Надзейны AI-workflow з GitHub Copilot". Зразумела, усе мы хочам, каб робат працаваў замест нас, а мы толькі пілі каву і атрымлівалі зарплату. Таксама вы актыўна чыталі пра тое, як прымусіць AI не хлусіць (так, гэта ўсё яшчэ праблема) і як навучыць яго чытаць вашыя дакументы. Тэмы Zero-Shot і Few-Shot таксама ў топе — відаць, вы ўсур'ёз вырашылі знайсці агульную мову з гэтымі жалязякамі.
Нашы праекты і надзеі
У 2025 годзе мы выкацілі ў прадакшн Zaspa.online і goman.live. Планы былі сціплыя: падпарадкаваць сусвет і абагнаць OpenAI. Пакуль што мы на стадыі "падпарадкаваць сэрцы першых карыстальнікаў", але рухаемся ў правільным кірунку! Сэрвісы працуюць, багі фіксяцца (часам), і мы верым у светлую будучыню.
А вось з новымі аўтарамі сітуацыя як у спартзале ў лютым — пуставата. Няўжо ўсе баяцца? Сябры, калі вы ўмееце выйсці з Vim, вы ўжо можаце пісаць тэхнічныя артыкулы! Пераставайце саромецца і прыходзьце да нас. Мы не крытыкуем, мы рэдагуем (з любоўю, але гэта не дакладна).
Утульны куток
І не забывайце пра наш Discord-сервер. Гэта месца, дзе можна зняць гальштук (і нават штаны,бо ніхто не пабачыць) і проста пагутарыць. Пра софт, пра тое, як "увайсці ў айці" і не выйсці ў вакно, ці проста пачытаць навіны. Там свая атмасфера, і без вас яна як код без каментароў — працуе, але нешта не тое.
Словы ўдзячнасці
Напрыканцы — хвілінка сентыментальнасці (абяцаю, плакаць не будзем). Дзякуй аўтарам, якія знаходзілі час паміж дэдлайнамі і выгараннем, каб пісаць гэтыя цудоўныя тэксты. Дзякуй нябачным героям — адмінам нашага Telegram-канала. Гэта яны фільтруюць спам пра крыпту і робяць так, каб ваша стужка была чыстай і прыгожай.
І, вядома, дзякуй вам, нашы чытачы. Вы ставіце лайкі, пішаце каменты (часам нават добрыя) і матывуеце нас не закідваць гэтую справу. Без вас мы б проста размаўлялі самі з сабой, а гэта ўжо дыягназ.
Заставайцеся з намі ў 2026-м. Будзе яшчэ весялей, ці хаця б не сумна!
З надыходзячым Новым годам, сябры! (і няхай прадакшн не падае, а то я закалупаўся сярод ночы выпраўляць тое што нарабіў)!
Каментары
(Каб даслаць каментар залагуйцеся ў свой уліковы запіс)